Парыў душы, які немагчыма стрымаць «Настаўніцкая газета»


Аўтар Ала КЛЮЙКО

      Напярэдадні Новага года ўсе мы, як заўсёды, чакаем цудаў, сюрпрызаў, прыемных нечаканасцей ад Дзеда Мароза, ад сваіх родных, блізкіх і сяброў. Але іншы раз гэтая ўвага, сардэчнасць прыходзяць ад таго, каго ты зусім не ведаеш і ні разу не бачыў. Яна, магчыма, больш дарагая для цябе, больш кранае тваё сэрца, бо вельмі прыемна адчуваць, што чалавек, які табе зусім не знаёмы, хоча раздзяліць твой боль і падтрымаць у цяжкую хвіліну. І вось гэтае лёгкае, пяшчотнае дакрананне да твайго пляча чыёйсьці рукі, гэтае ціхае “трымайся” робіць цябе намнога мацнейшым у жыцці, і за спінай нібы вырастаюць крылы. Безумоўна, клопат аб чалавеку, якому патрэбна дапамога, той самы парыў душы, які немагчыма стрымаць, нельга абмежаваць рамкамі законнасці. Але рух дабрачыннасці, як і любы іншы рух, патрабуе ўпарадкаванасці, каб гэтая патрэбная дапамога аказвалася менавіта таму, каму яна так неабходна, і тады, калі яе больш за ўсё чакаюць. Аб тым, якая заканадаўчая база рэгулюе пытанні аказання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, нашым чытачам расказвае член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Іна Васільеўна Антонава.

     - Іна Васільеўна, гаворачы пра заканадаўчую базу, якая тычыцца пытанняў дабрачыннасці ў нашай краіне, часцей за ўсё ўзгадваюць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 300 “Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі”. Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя пазіцыі ў дабрачыннай дзейнасці, якія выкладзены ў гэтым дакуменце.

     — Сапраўды, часцей за ўсё нашы грамадзяне звяртаюцца да гэтага заканадаўчага акта, але на сёння гэта не адзіны дакумент, які замацоўвае нормы некаторых відаў дапамогі, што можа аказвацца. Заканадаўчая база значна шырэйшая. Але пра ўсё па парадку. Трэба ўдакладніць, што ў нашай краіне ў рамках дзеючага заканадаўства рэгламентуюцца віды дапамогі. Напрыклад, гэта бязвыплатная (спонсарская) дапамога, якая рэгулюецца ўжо згаданым намі ўказам прэзідэнта краіны ад 1 ліпеня 2005 года № 300, гэта замежная бязвыплатная дапамога (аб ёй дакладна прапісана ў Дэкрэце прэзідэнта ад 28 лістапада 2003 года № 24 “Аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі”). Акрамя таго, прадугледжана і міжнародная тэхнічная дапамога, якая можа ажыццяўляцца згодна з Указам прэзідэнта ад 22 кастрычніка 2003 года № 460 “Аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе, якая прадастаўляецца Рэспубліцы Беларусь”.

     Хочацца дадаць, што ва ўказе № 300 кіраўніка дзяржавы дакладна вызначаны таксама суб’екты, якія прадастаўляюць дапамогу, і тыя арганізацыі і фізічныя асобы, якім прадастаўляецца гэтая спонсарская дапамога.

     Прадастаўленне дапамогі можа мець самыя розныя мэты і тычыцца сфер дзейнасці непасрэдна прадпрыемстваў і арганізацый. Так, напрыклад, згодна з гэтым заканадаўчым актам, спонсарскія сродкі могуць быць накіраваны на стварэнне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацыі, на падтрымку мерапрыемстваў, звязаных з выкананнем дзяржаўных праграм.

     Немалаважны і напрамак спонсарскай дапамогі, які ахоплівае развіццё фізічнай культуры і спорту. Гэта могуць быць не толькі грандыёзныя праекты, якія закранаюць алімпійскі і параалімпійскі рух, але таксама і лакальныя мерапрыемствы па падтрымцы фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы. Асобнае месца ў аказанні спонсарскай дапамогі займае накіраванне сродкаў на ахову і аднаўленне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё бібліятэчнай і музейнай справы, на падтрымку мастацкай творчасці і народных промыслаў. Аказанне дапамогі ў сферы аховы здароўя і непасрэдна ў набыцці медыцынскага абсталявання таксама з’яўляецца вельмі важнай мэтай спонсарскай дапамогі. Згодна з гэтым указам, аказанне дапамогі можа ажыццяўляцца ў сферы адукацыі і навукі: у выпуску вучэбных выданняў і сродкаў навучання, у арганізацыі харчавання навучэнцаў і выхаванцаў устаноў адукацыі, у правядзенні навуковых даследаванняў у рамках дзяржаўных навукова-даследчых праграм.

     На мой погляд, вельмі важны блок у гэтым указе адведзены аказанню падтрымкі арганізацыям, якія ажыццяўляюць сацыяльную абарону насельніцтва, у прыватнасці аказваюць сацыяльную дапамогу малазабяспечаным і адзі­нокім пажылым грамадзянам, інвалідам, ветэранам вайны і працы, шматдзетным і няпоўным сем’ям. Вялікая ўвага ўдзяляецца дзеткам, якія знаходзяцца ў цяжкім жыццёвым становішчы, гэта дзеці-інваліды, сіроты, а таксама тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія засталіся без апекі бацькоў.

     Менавіта гэты напрамак закладзены яшчэ ў адным заканадаўчым акце — Дэкрэце прэзідэнта нашай краіны № 24 “Аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі”, згодна з якім замежныя дзяржавы, міжнародныя арганізацыі і непасрэдна замежныя грамадзяне аказваюць дапамогу нашым арганізацыям і грамадзянам.

     Указ кіраўніка дзяржавы № 460 “Аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе, якая прадастаўляецца Рэспубліцы Беларусь” тычыцца дапамогі з боку замежных дзяржаў альбо непасрэдна міжнародных арганізацый. Гэта можа быць правядзенне сумесных даследаванняў і навучання, абмен спецыялістамі, аспірантамі, пастаўка тэхналогій і абсталявання, арганізацыя і правядзенне семінараў і канферэнцый, аказанне падтрымкі ў сацыяльных і эканамічных пераўтварэннях, ахове навакольнага асяроддзя, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, развіцці інфраструктуры.

     Трэба падкрэсліць, што ва ўсіх гэтых дакументах прадугледжаны кантроль за прадастаўленнем і выкарыстаннем дапамогі, адказ­насць за незаконнае прадастаўленне бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі і яе нямэтавае альбо незаконнае выкарыстанне.

      - Ці прадугледжаны заканадаўчымі актамі падатковыя і іншыя льготы для тых, хто аказвае альбо атрымлівае дабрачынную дапамогу?

     — Ва ўсіх заканадаўчых дакументах, якія тычацца сферы дабрачыннасці, дакладна вызначаны гэтыя пазіцыі. Так, ва ўказе № 300 адзначана, што пры прадастаўленні і атрыманні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, прадпрыемствы, арганізацыі і фізічныя асобы выплачваюць падаткі і зборы ў адпаведнасці з заканадаўствам. Законам могуць быць вызначаны льготы па аплаце падаткаў і збораў, у тым ліку арганізацыям і прадпрыемствам прадастаўлена права на ўключэнне ў сабекошт прадукцыі, тавараў, а таксама ў склад затрат па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, якая ўлічваецца пры падаткаабкладанні, сум бязвыплатна перададзеных грашовых сродкаў, кошту бязвыплатна аказаных паслуг і перададзенай маёмасці.

     Замежная бязвыплатная дапамога, накіраваная на мэты, якія вызначаны ў дэкрэце № 24, вызваляецца ад мытных збораў за афармленне, мытных пошлін, падатку на дабаўленую вартасць, акцызаў, падатку на прыбытак, падаходнага падатку з фізічных асоб.

     Згодна з Указам № 460 “Аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе, якая прадастаўляецца Рэспубліцы Беларусь”, не прызнаюцца аб’ектамі падаткаабкладання тавары, якія ўвозяцца на мытную тэрыторыю нашай краіны ў якасці міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

     Хачу заўважыць, што пытанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі разгледжаны і ў іншых заканадаўчых актах, якія дзейнічаюць у нашай краіне і рэгламентуюць гэтую сферу дзейнасці.

     Але ж трэба прызнаць, што наша падатковая палітыка сёння яшчэ не дазваляе значна павысіць зацікаўленасць арганізацый і непасрэдна грамадзян у дабрачыннай дзейнасці. Напрыклад, нават пры існуючых прывілеях арганізацыі, якой аказваюць бязвыплатную дапамогу, немагчыма задаволіць доўгі і складаны шлях перадачы гэтай дапамогі. Сёння гэты працэс шматэтапны і патрабуе нямала часу і сіл ад тых, хто жадае ака­заць дапамогу. Яшчэ ў горшым становішчы знаходзяцца тыя, хто чакае гэтай дапамогі. Адсутнасць значных падатковых прэферэнцый для камерцыйных арганізацый, якія хочуць аказваць дапамогу, на мой погляд, таксама зніжае іх зацікаўленасць у гэтым.

     Змяншэнне падаходнага падатку можа быць ажыццёўлена рэгіянальнымі органамі кіравання згодна з Законам “Аб мясцовым самакіраванні”. Гэты дакумент прадугледжвае, што ад падаходнага падатку з фізічных асоб вызваляецца бязвыплатая (спонсарская) дапамога ў грашовых і натуральных формах, якая атрымана ад беларускіх арганізацый або грама­дзянамі-інвалідамі, непаўналетнімі, і тымі, хто мае патрэбу ў дарагой медыцынскай дапамозе, у тым ліку ў правядзенні аперацый. Сёння сума дапамогі з усіх крыніц у межах да 1 тысячы базавых велічынь не абкладаецца падаходным падаткам. Напрыклад, калі на аперацыю за мяжой сабрана больш за 50 тысяч долараў, то толькі 35 мільёнаў беларускіх рублёў будзе вызвалена ад падаходнага падатку (11,5 тысячы долараў). Астатняя ж сума ахвяраванняў будзе ім абкладацца. Відавочна, што гэтыя нормы не зусім правільныя, пры тым што нашы грамадзяне ахвяравалі свае асабістыя сродкі на добрую справу — дапамагчы чалавеку ў бядзе. Таму мы і надалей будзем ініцыіраваць прапановы Міністэрству падаткаў і збораў перагледзець гэтыя моманты.

     — Ці плануецца ў бліжэйшы час удасканальваць беларускае заканадаўства, якое тычыцца дабрачыннасці, з улікам еўрапейскіх стандартаў і ўвогуле вопыту іншых краін?

     — Безумоўна, гэтая галіна дзейнасці не можа існаваць асобна ад развіцця нашай краіны, не закранаць іншыя сферы, не адпавядаць запытам нашага грамадства і непасрэдна жаданню кожнага грамадзяніна. Улічваючы ўсе гэтыя акалічнасці, каб вывучыць стан спраў у замежных краінах па правядзенні дабрачыннай дзейнасці, знайсці кропкі судакранання паміж нашымі краінамі ў гэтым напрамку, выпрацаваць адзіныя падыходы ў супрацоўніцтве, у маі гэтага года ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў нашай краіны была створана рабочая група. Яе мэта — падрыхтоўка канцэпцыі нарматыўнага прававога акта па пытаннях ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці ў Беларусі. У склад яе ўвайшлі прадстаўнікі гэтага цэнтра, а таксама праўлення саюза прадпрымальнікаў, прававога ўпраўлення Дзяржаўнага мытнага камітэта, фінансава-эканамічнага ўпраўлення дэпартамента фінансаў і тылу МУС, упраўлення прававога і інфармацыйнага забеспячэння дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта нашай краіны, грамадскага аб’яднання “Дзеці Чарнобыля”, кіраўнікі дабрачынных фондаў і іншыя. Як бачыце, гэтая рабочая група мае аўтарытэтнае прадстаўніцтва, што яшчэ раз пацвярджае важнасць гэтага пытання і імкненне яго вырашыць. Я ўпэўнена, што і нашы парламентарыі прымуць актыўны ўдзел у гэтай справе.

     Я знаёмілася з заканадаўствамі замежных краін у гэтай галіне. Сёння іх можна раздзяліць на дзве групы ў залежнасці ад таго, маюць гэтыя краіны комплексны закон, прысвечаны пытанням дабрачыннасці, спонсарству альбо мецэнатству, ці не. Напрыклад, такія краіны, як Аўстрыя, Азербайджан, Казахстан, ЗША, Германія, Швейцарыя не маюць спецыяльных законаў у гэтай сферы, а ў Вялікабрытаніі, Кыргызстане, Малдове, Украіне, Расіі, Літве і іншых такія законы ёсць. У якасці характэрных рыс дабрачыннай дзейнасці у гэтых краінах выступаюць добраахвотнасць, бязвыплатнасць, бескарыслівасць. Асноўнымі мэтамі ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці з’яўляюцца падтрымка канкрэтных катэгорый насельніцтва, якія маюць у ёй патрэбу ў сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй, прадухіленне наступстваў розных надзвычайных абставін, развіццё такіх карысных для грамадства сфер дзейнасці, як навука, адукацыя, культура. Але ж хачу заўважыць, што ў адрозненне ад тых краін, якія былі даследаваны, усе гэтыя мэты ў нашай краіне маюць падтрымку на дзяржаўным узроўні.

     У заканадаўстве даследаваных краін замацаваны віды і формы дабрачынных арганізацый. Яны ў сваёй большасці адзіныя, у тым ліку і для нашай краіны. Гэта фонды, установы, грамадскія дабрачынныя арганізацыі. У шэрагу законаў у асноўным тых краін, якія з’яўляюцца членамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, замацаваны крыніцы фінансавання дзейнасці дабрачынных арганізацый. Гэта могуць быць узносы заснавальнікаў, членскія ўзносы, дабрачынныя ахвяраванні, паступленні ад правядзення забаўляльных, культурных, спартыўных і іншых мерапраемстваў, кампаній па зборы дабрачынных ахвяраванняў і г.д.

     — Раскажыце, калі ласка, аб дзейнасці дабрачынных арганізацый у нашай краіне.

     — Часцей за ўсё я сутыкалася з дзейнасцю дабрачыннага фонду “Шанс”. Усе фонды, якія арганізоўваюцца ў Беларусі, павінны прайсці акрэдытацыю ў Міністэрстве юстыцыі, мець свайго заснавальніка, свой статут. Любая дабрачынная арганізацыя павінна прытрымлівацца ўсіх заканадаўчых норм і працаваць празрыста, гэта значыць, каб было відаць усім зацікаўленым, чым і як яна займаецца. “Шанс”, напрыклад, з’яўляецца міжнародным дабрачынным фондам, які цесна супрацоўнічае з фондамі іншых краін, непасрэдна з медыцынскімі ўстановамі па аказанні дапамогі хворым дзецям. Фонд мае ў сваім статуце палажэнне, дзе прапісана, на якія напрамкі ён накіроўвае сваю дапамогу і каму гэтую дапамогу выдзяляе з улікам існуючых абставін, дыягназу і шэрагу іншых паказанняў. Пры гэтай дабрачыннай арганізацыі створаны папячыцельскі савет, у склад якога ўвайшлі навукоўцы, медыкі, бізнесмены. Ёсць у яе і свой сайт, дзе адкрыта прадстаўлена інфармацыя пра тую ці іншую акцыю. Гэта мо­гуць быць: аказанне дапамогі па правядзенні аперацыі, кансультацыі, прадастаўленне медыкаментаў, неабходнага медыцынскага абсталявання. Сёння фонд актыўна працуе па аказанні дапамогі ў правядзенні аперацый на сэрцы, набыцці адпаведнага харчавання, калі дзіця мае праблемы з абменам рэчываў. Мне вельмі падабаецца неабыякавае стаўленне кіраўніцтва фонду да кожнага, хто да іх звяртаецца. Я назвала б яго па-сапраўднаму мацярынскім, калі клопат аб дзіцяці ідзе ад самага сэрца.

     Хачу сказаць, што я сустракаю вельмі многа такіх людзей, чые пачуцці, памкненні душы накіраваны на ратаванне чалавечага жыцця. Яшчэ ў той час, калі я працавала педыятрам у адной з паліклінік, а потым галоўным педыятрам Наваполацка мяне акружалі неабыякавыя людзі, шчодрыя на спагаду, міласэрнасць, для якіх не існуе чужога болю. Яны аддаюць часцінку сябе, каб гэты боль прытупіць. Успамінаю гісторыю паўтарагадовай Паліны з дыягназам, які можна было ўспрымаць як не сумяшчальны з жыццём. Але калі ёсць вера, надзея і любоў многіх людзей, гатовых засланіць цябе ад бяды, то гэтая бяда адыходзіць. Так стала і з Палінкай, якая вытрымала цяжкую аперацыю і сёння амаль здаровая на радасць сваім бацькам і ўсім нам, хто быў побач і тым самым выканаў сваю чалавечую місію.

"Настаўніцкая газета", спецвыпуск "Сацыяльны ракурс" ад 28 снежня 2010 года.